Юныя тайваньцы вынайшлі кубак для людзей з праблемамі зроку

Як паведаміла Міжнароднае радыё Тайваня, з 27 па 30 кастрычніка ў Нюрнбергу (Нямеччына) праходзіла выстава вынаходак “iENA Nuremberg”. У ёй прынялі ўдзел 750 вынаходнікаў з 30 краін свету. Тайваньская дэлегацыя, якая складалася са студэнтаў, прадстаўнікоў даследчых інстытутаў і прыватных фірмаў, выйграла 26 залатых, 45 сярэбраных і 11 бронзавых медалёў і адну спецыяльную ўзнагароду.

Самымі маладымі ўзнагароджанымі тайваньцамі сталі двое вучняў прыватнай сярэдняй школы ў горадзе Цзілун. Яны атрымалі залаты медаль. 13-гадовы Гао Сюань-цзе (на здымку ў цэнтры) і яго 14-гадовы стрыечны брат Чэнь Цзі-жэнь (на здымку першы справа) вынайшлі кубак для людзей са слабым зрокам. Калі вадкасць дасягае крытычнага ўзроўню, посуд падае папераджальны сігнал.
Адзін з школьнікаў распавёў, што на стварэнне такога кубку яго натхніў дзядзька са слабым зрокам, які ўвесь час абпальваўся, калі спрабаваў наліць гарачай вады ў шклянку.
Юрась Сцяпанаў










