Веласіпедысты з парушэннямі зроку едуць вакол Тайваня

Група з 10 веласіпедыстаў з парушэннямі зроку, кожны ў суправаджэнні відушчага трэнера, адправілася 19 лістапада ў адзінаццацідзённую вандроўку вакол вострава Тайвань.
Веласіпедысты, якія завуць сябе “Рыцары ў цемры”, адправіліся ў шлях з плошчы ў Мемарыяла Чан Кай-шы ў Тайбэі, сталіцы краіны. Падарожжа праходзіць на падвойных роварах.
Арганізатар заезду – 48-гадовы невідушчы спартсмен і старшыня тайваньскай асацыяцыі духоўнага развіцця Дэвід Чжан. Паводле яго слоў, мэта заезду – паказаць іншым прыклад пераадолення ўласных фізічных недахопаў і пашырэння межаў сваіх магчымасцяў.
Да гэтага Чжану ўжо даводзілася здзяйсняць заезды або забегі вакол Тайваня.
Для ўсіх іншых невідушчых спарстменаў гэта стане першай вандроўкай. Заезду папярэднічалі два месяцы трэніровак і ўсталяванне даверлівых адносін з трэнерам.
Групу невідушчых веласіпедыстаў суправаджае каманда з 48 чалавек, у тым ліку брыгада журналістаў, якія паведамляюць аб ходзе заезду ў сацыяльных сетках і відэаблогах. Грамадскасць заклікалі падтрымліваць веласіпедыстаў.
Першым прыпынкам веласіпедыстаў стаў горад Сіньчжу, пасля якога яны адправіліся ў Тайчжун. Пераадолеўшы 1050 кіламетраў, яны вернуцца ў Тайбэй 29 лістапада.
Юрась Сцяпанаў паводле russian.rti.org.tw










