Сусветны дзень зроку: 3/4 усіх выпадкаў слепаты можна прадухіліць ці лячыць

Штогод у другі чацвер кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень зроку. Яго мэта – прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да праблем слепаты, парушэнняў зроку ды рэабілітацыі слабавідушчых і невідушчых.
Паводле ацэнак СААЗ, каля 285 мільёнаў жыхароў планеты маюць афтальмалагічныя парушэнні, выкліканыя рознымі прычынамі. 39 млн. з іх з’яўляюцца сляпымі. 121 мільён чалавек з 285 мільёнаў маюць парушэнні зроку з-за блізарукасці, дальназоркасці або астыгматызму. Медыкі сцвярджаюць, што амаль ва ўсіх гэтых людзей можна аднавіць нармальны зрок з дапамогай акуляраў, кантактных лінзаў ці рэфрактыўнай хірургіі.
Па дадзеных СААЗ, 90% людзей, якія пакутуюць ад парушэнняў зроку, жыве ў краінах з нізкім і сярэднім узроўнем даходу.
У выніку старэння насельніцтва і эпідэмій неінфекцыйных захворванняў у свеце ўсё часцей сустракаецца слепата, якая развіваецца з узростам, а таксама слепата, якая выклікаецца некантралюемым дыябетам. Разам з тым дзякуючы медыка-санітарным дзеянням паўсюдна скарачаецца колькасць выпадкаў слепаты, якая развіваецца з-за інфекцыі. Так, колькасць людзей, якія хварэюць на трахому, што вядзе да слепаты, паменшылася з 360 мільёнаў у 1985 годзе да 40 мільёнаў у цяперашні час.
Эксперты СААЗ нагадваюць, што тры чвэрці ўсіх выпадкаў слепаты можна прадухіліць ці лячыць.
Юрась Сцяпанаў паводле www.unmultimedia.org/radio/russian/










