en
 pl
 ru



Матэрыялы фільма праекта “Школа Надзеі”

Тэкставая версія дакументальнага фільма пра асоб з абмежаванымі магчымасцямі ў Польшчы

Інваліды жывуць вакол нас. Нярэдка гэта – паралельнае жыццё, якое не перакрыжоўваецца з актыўнасцю здаровых людзей. У выніку многія праблемы інвалідаў не заўважаюцца рэштай беларускага грамадства, застаюцца выключна іх справай.

Тымчасам у свеце ёсць нямала ўзораў паспяховай сацыяльнай інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Напрыклад, наша заходняя суседка – Польшча – ужо другі дзесятак гадоў актыўна імкнецца ўключыць інвалідаў у грамадскае жыццё.

У гэтай краіне розныя ступені інваліднасці маюць 5 з паловай мільёнаў чалавек, ці 14% насельніцтва.

Сацыяльная палітыка Польскай дзяржавы рухаецца ў такім кірунку, каб грамадзяне з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі маглі карыстацца тымі ж правамі, што і здаровыя людзі.

З 1991 года ў кожным з ваяводстваў краіны працуе Дзяржаўны фонд падтрымкі і рэабілітацыі асоб з абмежаванымі магчымасьцямі. Яго галоўная задача – канцэнтраванне і размеркаванне сродкаў на паляпшэнне сітуацыі інвалідаў. Прадпрыемствы і арганізацыі, у якіх працуюць больш за 25 чалавек, уплочваюць у гэты фонд штрафы, калі не наймаюць хаця б 6% людзей з фізічнымі абмежаваннямі. Сродкі з фонду выдаткоўваются па прынцыпу адраснай дапамогі. Звяртацца па фінансаванне могуць як фізічныя, так і юрыдычныя асобы. Да апошніх адносяцца і грамадскія арганізацыі, якія на конкурснай аснове атрымліваюць гранты на тыя ці іншыя патрэбы.

У 1997 годзе польскі парламент прыняў Хартыю правоў інвалідаў. Дакумент грунтуецца на новай філасофіі пабудовы дзяржавы: каб выгоды дэмакратычнага грамадства былі даступнымі для ўсіх яго членаў.

Дзеля таго, каб інваліды маглі самарэалізавацца, ім далі дадатковы юрыдычны інструментарый. Спецыфічныя патрэбы людзей з абмежаванымі магчымасцямі былі акрэсленыя ў шматлікіх дакументах, якія тычацца аховы здароўя, адукацыі, сацыяльных гарантый, будаўніцтва і некаторых іншых галінаў. Тэматыка працаўладкавання інвалідаў прапісаная ў асобным законе.

Гэтыя прававыя акты сталі базай для актыўнага супрацоўніцтва паміж органамі ўлады розных узроўняў і супольнасцямі людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Нягледзячы на высілкі заканадаўцаў, у польскім грамадстве дагэтуль існуе стэрэатып, што інвалід – гэта непрыдатная асоба, якая яшчэ і патрабуе пастаяннай дапамогі. Аднак у большасці выпадкаў гэта не так.

У сярэднім ў краінах Еўрапейскага Саюза працуе амаль палова людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а ў Польшчы – толькі 17%. Як мяркуе старшыня Таварыства сяброў інтэграцыі Пётр Паўлоўскі, прычынай такога становішча з’яўляецца агульнае перакананне наймальнікаў, што інваліды працуюць горш, чым здаровыя асобы. Паводле даследаванняў, праведзеных Эканамічна-рэабілітацыйнай палатай, гэтая праблема абцяжарана слабой актыўнасцю інвалідаў у пошуках працы.

Дзяржаўныя структуры, няўрадавыя арганізацыі, рэлігійныя канфесіі стараюцца змяніць адносіны грамадтва да інвалідаў дзякуючы шырокім інфармацыйным кампаніям.
Інфармацыйныя кампаніі накіраваны не толькі на змены ў адносінах да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але й на прафілактыку інваліднасці. Адна з іх – “Неглыбокае ўяўленне”. Штогод падчас летніх канікул яна перасцерагае маладых людзей, каб яны не скакалі ў ваду ў неправераным месцы, бо часта гэта можа прывесці да калецтва ці нават да летальнага канца.

Шырокія кампаніі ў мас-медыя павінны дапамагчы ўсім палякам усведаміць, што праблема інваліднасці можа закрануць кожнага з іх, і што гэта – яшчэ не канец свету.
Нярэдка такая інфармацыйная праца падштурхоўвае да рознабаковага грамадскага дыялогу.
Праблемамі асобных груп людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўсё больш актыўна займаюцца грамадскія арганізацыі. Зараз у Польшчы налічваецца некалькі дзесяткаў буйных НДА інвалідаў. Цікава, што многія з гэтых грамадскіх аб’яднанняў выраслі з зусім невялікіх ініцыятыў.

Недзяржаўныя арганізацыі ладзяць разнастайную дзейнасць, накіраваную на актывізацыю супольнасцяў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, на інтэграцыю гэтых груп з рэштай грамадства. Узорам такой працы можа служыць міжнародная Прыбалтыйская спартакіяда маладых інвалідаў. Увосень яна праходзіць у невялікім прыморскім горадзе Пуцк. Сюды прыязджаюць маладыя інваліды з розных мясцін Польшчы і замежжа. Галоўная мэта спартакіяды – практычна навучыць асновам кіравання паруснікам. Шматлікім спартыўным мерапрыемствам спадарожнічаюць разнастайныя культурныя імпрэзы, як у асяродку інвалідаў, так і ў гарадскім маштабе.

Дзейнасцю дзеля інвалідаў таксама актыўна займаюцца рэлігійныя супольнасці. Напрыклад, Каталіцкая царква апякуецца невідушчымі. У невялікай сядзібе ў Лясках пад Варшавай у 1922 годзе манашка Елізавета-Роза Чацкая адчыніла прытулак для сляпых, а таксама дзіцячы сад і пачатковую школу. Зараз там – самы вялікі ў Польшчы навучальна-выхаваўчы цэнтр для невідушчых дзяцей і моладзі. На востраве Сабешэўска ў Гданьску знаходзіцца ягоная філія. Тут пры дапамозе перадавых методык і сучаснага абсталявання навучаюць сляпых людзей. Апроч таго, у цэнтры вучаць бацькоў правільным паводзінам з невідушчымі дзяцьмі.

Супольна лепей весці дыялог з грамадствам, уладамі ці бізнес-коламі, вырашаць разнастайныя праблемы. Таму агульную пазіцыю арганізацый, якія працуюць з інвалідамі прадстаўляюць так званыя парасонавыя структуры. У такія саюзы уваходзяць дзесяткі розных НДА. Парасонавыя структуры бароняць інтарэсы людзей з абмежаванымі магчымасцямі на рэгіянальным ці агульнанацыянальным узроўні. Вельмі часта такія асацыяцыі з’яўляюцца дарадчыкамі органаў мясцовага самакіравання.

Польскія інвалідскія арганізацыі зацікаўленыя ў развіцці міжнародных кантактаў. Многія з іх гатовыя да супрацоўніцтва з беларускімі НДА.