Аспекты самаарганізацыі польскага грамадскага сектара, які займаецца інвалідамі
Інваліднасць спазнала 10% насельніцтва. А калі ўлічыць, што большасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі жыве ў сем’ях, то гэтая праблема датычыць 30 – 40 адсоткаў грамадства і нясе з сабою пэўныя паслядоўнасці, якія ўплываюць на якасць і арганізацыю жыцця згаданай групы. Асяроддзе інвалідаў за гады маргінальнага існавання прызвычаілася да ўзаемнай падтрымкі. Таму падчас трансфармацыі грамадскага ладу яно вельмі хутка аформілася ў арганізацыі самадапамогі людзей з абмежаванымі магчымасцямі або ў структуры, якія дзейнічаюць на карысць інвалідаў. У лічбавым выражэнні асацыяцыі, што працуюць ў гэтай сферы, значна перавышаюць колькасць НДА ў большасці іншых напрамкаў некамерцыйнай дзейнасці.
Арганізацыі інвалідаў бяруць на сябе ажыццяўленне грамадскіх заказаў, што змушае іх станавіцца прафесійнымі і павышаць эфектыўнасць працы. Адначасова ўзнікае неабходнасць вызначыць прадстаўнікоў, якія б былі ўпаўнаважаныя выступаць ад імя супольнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Фармаванне прадстаўніцтва асяроддзя інвалідаў праходзіць двума шляхамі і на двух узроўнях.
На ўзроўні груп паводле відаў інваліднасці ствараюцца асацыяцыі саміх людзей з абмежаванымі магчымасцямі або НДА, якія дзейнічаюць на карысць інвалідаў. Аб’яднаннем людзей з абмежаванымі магчымасцямі лічыцца тая арганізацыя, у якой інваліды складаюць больш за 50% кіраўніцтва і ўсіх членаў гэтай асацыяцыі.
Павелічэнне колькасці няўрадавых арганізацый і ўзмацненне значэння “трэцяга сектара” ў Польшчы падказалі НДА, што неабходна аб’ядноўвацца ў федэрацыі, каб ствараць правамоцнае прадстаўніцтва асяроддзя ў адносінах з уладамі і ажыццявіць прынцыпы гарманічнага супрацоўніцтва ў межах грамадскага сектара.
Аб’яднанне арганізацый у саюз дазволена па закону. Такі альянс рэгіструецца ў Краёвым рэестры таварыстваў і атрымлівае статус юрыдычнай асобы. Аб’яднанне НДА становіцца правадзейным суб’ектам, які можа браць на сябе абавязкі з юрыдычнай адказнасцю.
Другой формай саюзаў з’яўляецца заключэнне дамоў, у выніку якіх не ўзнікаюць асобныя арганізацыі. Звычайна змест дагавора акрэслівае мэты альянсу і ўзаемныя абавязкі бакоў, а таксама вызначае супольнае прадстаўніцтва.
Прыкладам менавіта такой дамовы з’яўляецца Форум паморскіх арганізацый людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Дагавор быў заключаны паміж 46 аб’яднаннямі, якія працуюць з інвалідамі. Форум паставіў перад сабой наступныя мэты:
1. Супрацоўніцтва арганізацый і груп інвалідаў ды людзей, якія працуюць на іх карысць у напрамку дасягнення роўнасці шанцаў і ўмоў жыцця; узаемны абмен досведам; рэалізацыя супольных мерапрыемстваў; супрацоўніцтва са структурамі і асяроддзямі ў Польшчы і за мяжой, якія працуюць ў сферы інваліднасці.
2. Аналіз запатрабаванняў асяроддзя з дапамогай стварэння баз дадзеных патрэбаў; вызначэнне галін для ўзаемадзеяння; рашэнне праблем такім чынам, каб падтрымліваючы адных, не ствараць цяжкасцяў для іншых.
3. Прадстаўніцтва як дзейнасць, якая ахоплівае адстойванне інтарэсаў, лабіраванне ў адносінах да самакіравання і ўрадавай адміністрацыі, супрацоўніцтва з іншымі суб’ектамі.
4. Партнёрства з самакіраваннем і ўрадам ў стварэнні і ажыццяўленні стратэгіі Хартыі правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі і праграм па дасягненню роўнасці шанцаў.
5. Ацэнка і кансультаванне заканадаўчых рашэнняў і праграм грамадскага развіцця, якія непасрэдна і ўскосна датычаць інвалідаў на ўзроўні краіны, павета і гміны (найніжэйшай адміністрацыйнай адзінкі).
6. Узмацненне арганізацый, якія ўваходзяць у форум, праз узаемную кансультатыўную, арганізацыйную і тэхнічную дапамогу.
Паводле выступу Магдалены Скібы
на Кангрэсе паморскіх няўрадавых арганізацый.










